Паважаныя бацькі!
Прапануем Вам народныя калыханкі, забаўлянкі, вершы, якія можна выкарыстоўваць у штодзённых зносінах з дзецьмі.
А ты, каток шэры
А ты, каток шэры,
Ў цябе хвосцік белы.
Прыйдзі, каток, начаваць
I дзіцятка калыхаць.
А ты, коцінька-каток, Ў цябе шэранькі хвасток.
Ты прыходзь к нам начаваць,
Будзеш Янку калыхаць,
А я шэраму катку
За работу заплачу —
Дам гарлачык малака
I кавалак пірага.
Апсік, апсік, каточак,
Не хадзі ты ў садочак,
I не тапчы кветачак,
I не будзі дзетачак.
Няхай кветачкі цвітуць,
Няхай дзетачкі заснуць.
Люлі, люлі, дзеткі, спяць, А я буду калыхаць.
Баю, баіньку, баю.
Не лажыся на краю.
Не лажыся на краёк,
Прыйдзе шэранькі ваўчок.
Цябе схопіць за бачок.
Забаўлянкi
Гушкі, гушкі, гушкі,
Прыляцелі птушкі,
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Боты паскідалі,
Кругом паляталі.
Сталі сакатаці.
Чаго птушкам даці?
Прынясу ім жыта,
Будуць птушкі сыты.
Пасыплю гароху —
Хай ядуць патроху.
Ды насыплю грэчкі —
Хай нясуць яечкі.
Кукарэку, певунок,
Залаценькі чубок,
Пад паветачку пайшоў,
Курку-рабку там знайшоў.
Пачаў курку пытаць,
Ці ўмее чытаць.
— Не чытаю, не пішу,
Толькі яйкі нясу.
Што дзень дзецям нашу
Аж па цэламу кашу.
Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку.
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая,
Еду, еду, еду,
Ніяк не даеду.
Прыпрагу сароку,
Паеду далёка,
У новай кашулі Да майго дзядулі.
Скоранька паеду,
Каб паспець к абеду.
Ладкі ладком,
Піражкі з мядком,
Кашка з алеем,
Есці не ўмеем.
Люлі-люлі-люлі,
Прыляцелі куры,
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі сакатаці —
Што курачкам даці?
Ці ячменю жменьку?
Ці гарошку трошку?
Ці жыта карыта?
Ці бобу каробу?
Трэба даць ім грэчкі,
Каб неслі яечкі.
Сонейка-сонца,
Выгляні ў аконца,
Пасвяці нам трошку,
Дам табе гарошку.
У куце сядзіць мядзведзь,
Хустку вышывае,
А лісічка-невялічка
Хатку прыбірае.
А каток пячэ аладкі,
Масла падлівае.
Мышанятка жвава, гладка
Катку памагае.
Горкай, горкай, горачкай
Ішоў малы Ягорачка.
Ваўкоў не баяўся,
Страхаў не пужаўся.
Выразаў Ягорачка
Дудачку-свісцёлачку,
I свістаў ён птушачкай,
Птушачкай-пяюшачкай.
Вершы
Коцік басаногі
Па сняжку гуляў,
Адмарозіў лапкі
I заплакаў: — Мяў...
Што за дзіва гэта?
Трэба бегчы ў дом:
Снег такі халодны,
А пячэ агнём...
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Кучаравы маладзец.
Стаў ён
Пры дарожцы
На даўжэзнай ножцы.
Дзьмухнуў вецер —
Адуванчык
Стаў нібыта
Абарванчык.
Адуванчык,
Дзьмухавец,
Як падстрыжаны хлапец,
Бо на макаўцы
Ў былінкі
Аніводнай
Валасінкі.
Я аладачкі з пяску
Сёння цэлы дзень пяку,
Але мой рахманы кот
Не бярэ аладкі ў рот.
— Коцік, коцік, не ўцякай!
Чаго хочаш?
— Ма-ла-ка!
Даўганогі землямер
Схапіў жабу за каўнер,
Па траве павалачыў,
У канаве намачыў,
Вострым носам дзеўбануў,
Уздыхнуў і — праглынуў.
Верабейка:
– Ціў-ціў-ціў! –
Муху дзюбаю злавіў.
А таму, што быў ён добры,
То з сябрамі падзяліў.
Елі муху ўсе са смакам.
Шчабяталі:
– Дзякуй!
– Дзякуй!
"Калі ласка", "дзякуй", "добры дзень" —
Ветлівыя словы
Чую ад людзей.
Ветлівымі словамі
Трэба даражыць,
З ветлівымі словамі
Лёгка жыць.
Бяжыць вожык —Тупу-туп!
Сам калючы,
Востры зуб.
— Вожык, вожык,Ты куды?
Ад якой бяжыш
Бяды?
Вожык лапкамі
Туп-туп!
Вожык вочкамі
Луп-луп!
Навакол
Пануе ціш.
Чуе вожык —
У лісці мыш.
Ён да лісця
Тапу-тап!
I лапкаю мышку —
Цап!
На галіне тонкай
Яблыкі вісяць.
I гадае хлопчык:
— Як жа іх дастаць?
Выручыў малога
Вецер палявы,
Страсянуў галіну
I гукнуў:
— Лаві!..
— Вушкі, вушкі,
Што вы чулі?
— Чулі песеньку Ганулі:
"Гулі-гулі,
Гулі-гулі".
— Вушкі, вушкі,
Што вы чулі?
— Нам нічога не чуваць,
Прыйшлі козы начаваць,
Танцаваць ды прыпяваць:
"Не хоча Гануля
Вушкі свае мыць,
Будзем з казлянятамі
Тут, у вушках, жыць".